Меч XVa тыпу паводле Аўкшота, знойдзены у раке Дрыса (Стылізацыя)Меч XVa тыпу паводле Аўкшота, знойдзены у раке Дрыса (Стылізацыя)

Меч XVa тыпу паводле Аўкшота, знойдзены у раке Дрыса, Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, Беларусь. Датуецца XV—пачаткам XVI ст. Стылізацыя.

Далей мы прыводзім крыху зменшаны артыкул Юрыя Бохана “Меч з Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці”:
“У жніўні 2001 быў знойдзены меч каля вёсак Боркавічы і Гараўцы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў р. Дрысе жыхаром Боркавічаў Сяргеем Вашчанкам. Меч быў перададзены на кафедру гісторыі і сацыялогіі Полацкага дзяржаўнага універсітэта. Інфармацыю пра знаходку і чарцёж мяча Бохану прадставіў выкладчык універсітэта Дзяніс Дук.
Меч даволі добра захаваўся: нягледзячы на карозію сярэдняй ступені, клінок не страціў сваёй пругкасці. Тым не менш, ён з’яўляецца найбольш папсаванай часткай зброі. Магчыма гэта звязана з механічнымі пашкоджаннямі і вышчарбленасцю мяча ў працэсе яго ўжывання. Даволі просты, нават грубаваты стыль выканання сведчыць, што меч меў выключна баявое прызначэнне і належаў, напэўна, аднаму з прадстаўнікоў не самага заможнага рыцарства.

Меч XVa тыпу паводле Аўкшота, знойдзены у раке Дрыса (Стылізацыя)
Меч XVa тыпу паводле Аўкшота, знойдзены у раке Дрыса (Стылізацыя)

Агульная даўжыня мяча складае 117 см, даўжыня клінка — 90,5 см. Шырыня ляза каля крыжавіны — 4 см, таўшчыня 0,9 см. Клінок мае сячэнне, блізкае да рамбічнага, але дзве супрацьлеглыя грані «ромба» ўвагнутыя. Падобныя ўвагнутасці робяць яго больш прыдатным для сякучага ўдару, а таксама зніжаюць вагу мяча: пры значных памерах ён важыць усяго каля 1,124 кг.
Масіўнае, прыстасаванае пад дзве рукі дзяржанне. Навершша дыскападобнае, набліжанае да тыпу K, з выступаючымі чатырохкутнікамі ў цэнтры. Вышыня навершша складае 5 см, шырыня — 5,5 см. Крыжавіна мяча простая, тыпу 2, хоць у яе можна заўважыць і рысы тыпу 13. Даўжыня крыжавіны 24,5 см, вышыня ў месцы насаджвання на дзяржанне — каля 1 см. Канцы крыжавіны плаўна пашыраюцца да 1,5 см; іх сячэнне набліжаецца да шматкутніка альбо груба адкаванага круга.
Форма і прапорцыі мяча дазваляюць залічыць яго да тыпу XVа па класіфікацыі Р.Аўкешота.