Раманскі меч Ха, ХІ ці ХІІ тыпу паводле Р.Э. Окшота
Историческая реконструкция былых времен

Раманскі меч Ха, ХІ ці ХІІ тыпу паводле Р.Э. Окшота

Раманскі меч Ха, ХІ ці ХІІ тыпу паводле Р.Э. Окшота захоўваецца ў зборы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі датуецца другой паловай ХІІІ ст. і паходзіць з Гродна

М.А. Плавінскі так апісвае гэты меч у кнізе “Нарысы гісторыі клінковай зброі Х–ХІІІ стагоддзяў на Беларусі”:

Меч, які варта ўзгадаць захоўваецца ў зборы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. На вялікі жаль, звестак аб месцы і абставінах яго знаходкі няма. Праўда, у энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», у артыкуле, прысвечаным мячам (аўтар –М.А. Ткачоў), змешчаны фотаздымак гэтага прадмета з подпісам, з якога вынікае, што ён датуецца ХІІ ст. і паходзіць з Гродна.

Якія меліся падставы для такога вызначэння, невядома. Але, мяркуючы па складзе той часткі археалагічнай калекцыі Нацыянальнага музея, да якой належыць меч, цалкам верагодна, што ён можа паходзіць з тэрыторыі Беларусі. Агульная даўжыня мяча ў яго сённяшнім выглядзе – 82,5 см, даўжыня захаванай часткі клінка – 68,2 см, шырыня ляза каля крыжавіны — 4,6 см. Клінок плаўна звужаецца да вастрыя, дол займае 1/3 частку яго шырыні. Крыжавіна мяча злёгку выгнутая і пашыраецца да канцоў.

Страчаны фрагмент клінка з вастрыём.
Даўжыня рукаяці–14,3 см. Шырыня крыжавіны –14,5, Вышыня крыжавіны–1,8.
Шырыня наверша–5,5, Вышыня наверша–5,3
Цікавай асаблівасцю мяча з’яўляецца наяўнасць жалезнага дзяржання.
Найбольш каштоўным датуючым элементам мяча з’яўляецца яго крыжавіна. А. Брун-Хоффмэйер адзначала, што падобныя крыжавіны шырока распаўсюджваюцца з другой паловы ХІІІ ст. Блізкія крыжавіны маюцца на шэрагу еўрапейскіх мячоў і іх скульптурных выяваў апошняй чвэрці ХІІІ – першай чвэрці XIV ст. Таму ў спалучэнні з клінком, які з-за фрагментарнасці можа быць аднесены адразу да некалькіх тыпаў – Ха, ХІ ці ХІІ паводле Р.Э. Окшота, крыжавіна дазваляе датаваць меч другой паловай ХІІІ ст.
Мячы з навершамі дыскападобнай формы (тып G) фіксуюцца і ў комплексе ўзбраення Вялікага княства Літоўскага з ХІІ да пачатку XV ст..

Раманскі меч Ха, ХІ ці ХІІ тыпу паводле Р.Э. Окшота
Раманскі меч Ха, ХІ ці ХІІ тыпу паводле Р.Э. Окшота